Нарадзіўся 11.07.1933 г. у г. Рэчыца. Беларускі артыст балета і педагог. Заслужаны артыст рэспублікі (1972). Скончыў Беларускае (1951) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы. Працаваў у тэатрах оперы і балета Чэлябінска, Баку. У 1960 — 1974 гг. саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Арганізатар і кіраўнік Мінскага народнага эстрадна-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне Красоўскім вызначалася вялікай экспрэсіяй. Выступіў на беларускай сцэне ў шэрагу значных партый у балетах сучаснага рэпертуару і класікі; Мікалай і Князь («Мара» і «Выбранніца» Я. Глебава), Прынц, Тыбальд («Золушка» і «Рамэо і Джульета» С. Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А. Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера» і «Спячая красуня» П. Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А. Глазунова), Салор, Базыль («Баядэрка» і «Дон Кіхот» Л. Мінкуса).
У 1953 — 1956 і з 1960 педагог Беларускага харэаграфічнага вучылішча. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1984).
Памёр М. П. Красоўскі 22.11.1989 г.