Нарадзілася 12(25).12.1917 г. у м. Васілевічы. Актрыса, народная артыстка рэспублікі (1967). 3 1931 у Беларускім тэатры імя Я. Коласа (скончыла студыю тэатра ў 1933), у 1951 — 1974 гг. у Брэсцкім драматычным тэатры імя ЛКСМБ. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка драматычных роляў. Высокае прафесійнае майстэрства ў спалучэнні з арганічным адчуваннем псіхалагічнай праўды паводзін персанажа, разумение жанравых і стылявых асаблівасцей драматичных твораў, эмацыянальная напоўненасць унутранага жыцця створаных вобразаў характарызуюць Заранок як самабытную актрысу. Вобразы ў класічным і сучасным рэпертуары вылучаюцца грамадзянскай сталасцю артысткі.
Найбольш значныя ролі ў беларускім рэпертуары: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К. Крапівы), Люба («Алазанская даліна» К. Губарэвіча і I. Дорскага), Зінка («Заложнікі» А. Кучара), Даша («Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка). Сярод лепшых роляў: Н. К. Крупская («Фінал» П. Строгава, «Дзень цішыні» М. Шатрова, «Брэсцкі мір» К. Губарэвіча). 3 роляў класічнага і савецкага рэпертуару: Белацелава, Варвара, Аксюша, Людміла («Жаніцьба Бальзамінава», «Навальніца», «Лес» і «Позняе каханне» А. Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А. Чэхава), Наташа, Глафіра («На дне», «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага), Фаншэта («Жаніцьба Фігара» П. Бамаршэ), Марціна («Лекар паняволі» Ж. Мальера), Юстына («Юстына» X. Вуаліёкі), Фані («Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г. Бічэр-Стоў), Тоня («Цудоўны сплаў» У. Кіршона), Дунька («Любоў Яравая» К. Транёва), Ларыса («Іркуцкая гісторыя» А. Арбузава) і інш.