main image

#ЧЫТАЙГОМЕЛЬ

30 мая ў Гомелі прайшоў фестываль кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ. Сёлета ён быў прысвечаны Году беларускай жанчыны.

У будынку Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя В.І.Леніна, на бібліятэчным бульвары, Рэчыцкая раённая сетка бібліятэк прэзентавала інтэрактыўную пляцоўку «Прыгажосць па-беларуску». Тут кожны жадаючы мог дакрануцца да прыгожага праз беларускія традыцыі, эстэтычна аформленую фотазону, напоўненую ўнікальнымі арнаментамі і лакацыямі.

Асаблівае месца на пляцоўцы заняла квілт-акцыя «Знакамітыя жанчыны Беларусі». На яркіх пялёстках, што нагадваюць пра пяшчоту і сілу васілька, трэба было пакінуць ўспамін – імя жанчыны, адзначанае ў гісторыі, літаратуры, кінематаграфіі Беларусі. 

Для моладзі была падрыхтавана дыдактычная мема-гульня «Беларускі арнамент: вывучаем і запамінаем». Гэта гульня стала сапраўдным адкрыццём для юнакоў, абудзіўшы цікавасць да беларускай культуры праз знаёмства з элементамі нацыянальнага арнаменту. Юныя ўдзельнікі з цікавасцю пазнавалі, як выглядаюць традыцыйныя ўзоры, іх значэнне, прыгажосць і ўжыванне.

Для аматараў выдатнага і тых, хто шануе моманты эстэтычнай асалоды, было ўсталявана сэлфі-люстэрка «Тэррыторыя прыгажосці». Наведвальнікі маглі карыстацца тэматычнымі атрыбутамі – кветкавымі вянкамі, стужкамі са скроневымі пярсцёнкамі, букетамі, сцяжкамі і топерамі, каб стварыць незабыўныя, яркія і чароўныя фатаграфіі.

Адменным упрыгожваннем пляцоўкі стала дзяўчына ў касцюме ручной працы «Прыгажуня: вобраз мінулага і сучаснага». У касцюм былі  ўплецены кветкі, стужкі і арнаменты, як увасабленне прыгожых традыцый сучаснай Беларусі.

Не засталася без увагі выдавецкая і рэкламная прадукцыя Рэчыцкай раённай сеткі бібліятэк. Буклеты, закладкі, сцяжкі і топеры з QR-кодамі не толькі інфармавалі пра  бібліятэку, але і служылі прыемнымі, карыснымі сувенірамі. Вялікую цікавасць выклікалі цукеркі з арнаментам-пажаданнем, дадаючы салодкую нотку ў агульную атмасферу свята.