main image

“Мясціны, дзе ажываюць легенды”

У філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя А.П.Гайдара” ў рамках праграмы летніх чытанняў “Дзяцінства яркая планета” адбылася прэзентацыя краязнаўчага праекта “Мясціны, дзе ажываюць легенды”. Праект даследуе тое, што мы любім: нашу гісторыю і самыя далёкія куткі Беларусі. Бібліятэкары пазнаёмілі ўдзельнікаў прэзентацыі з фарматам праекта.  Дзеці даведаліся, што ўсё лета ў бібліятэцы будуць праходзіць віртуальныя падарожжы-экскурсіі па самых незвычайных гістарычных мясцінах нашай краіны, інфармацыйныя гадзіны, краязнаўчыя агляды, знаёмствы з тэматычнай літаратурай і старажытнымі паданнямі Беларусі. 

Традыцыйна маленькі герой летняга  падарожжа – дапытлівы хлопчык Антонік, які запрашае ўсіх жадаючых у займальнае падарожжа па роднай краіне ў пошуках новых звестак пра самыя знакамітыя гісторычныя лакацыі  Беларусі.  Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі топеры “Антонік – вандроўнік”, на якіх з аднаго боку выява хлопчыка з заплечнікам, з другога  - Instagram-візітоўка нашага профіля ў Instagram. Для таго, каб атрымаць топер, трэба  зайсці да нас у бібліятэку за кнігай. З “Антонікам-вандроўнікам” вы можаце зрабіць фотаздымак у любым месцы вашага падарожжа па Беларусі, адправіць яго нам на электронную пошту Galib9@mail.ru, або адзначыць нашу бібліятэку ў сваім Instagram акаунце.

Перад удзельнікамі праекта прадстануць самыя цікавыя, самыя багатыя гістарычнымі падзеямі мясціны Беларусі. Гэтыя маршруты клічуць у займальнае падарожжа – з сям’ёй, у кампаніі сяброў, аднадумцаў. Новыя сустрэчы будуць  яркімі, карыснымі і займальнымі! 

Удзельнікі прэзентацыі праявілі вялікую цікавасць да праекту і жаданне прыняць у ім удзел!