main image

«Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых»

Напярэдадні 95-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча ў Рэчыцкай раённай сетцы бібліятэк у рамках аматарскага аб’яднання «Стрыжань» адбыўся літаратурна-музычны вечар «Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых».

Прысутныя пазнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця і творчасці заслужанага дзеяча беларускай літаратуры, паглядзеў відэафільм «Людзі, якія змянілі свет: Ніл Гілевіч». З вялікім пачуццём Любоў Гаўрон прачытала верш «Родная мова». Пра сваю сыноўнюю ўдзячнасць маці паэт выказаў у вершы «Маці», які пранікнёна прачытала Галіна Левіна. Анжэла Шэставец зачытала «Запеўку» з рамана ў вершах «Родныя дзеці», які паэт пісаў 12 гадоў. Удзельнікі пасяджэння з цікавасцю паглядзелі відэаролік, падрыхтаваны Раісай Закаўраш, дзе яна чытае верш Н.Гілевіча «Лёгкае як воблачка». На вечары гучалі шматжанравыя творы Ніла Гілевіча. Увазе ўдзельнікаў вечара былі прадстаўлены фальклорныя зборнікі пісьменніка, такія як «Лірыка беларускага вяселля», «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі», «Песні народных свят і абрадаў» і інш.

І, вядома ж, не абышлося без знакамітай песні «Вы шуміце, бярозы!», напісанай на вершы Н.Гілевіча, якая праславіла яго на ўвесь свет і якую на мерапрыемстве натхнёна выканала Любоў Гаўрон. Акрамя гэтага прагучала любімая беларуская народная песня Ніла Гілевіча «Сівы конь бяжыць», якую выканалі дуэт Людміла Дуброўская і Любоў Гаўрон. Ім падпявала ўся зала.

З вялікім азартам удзельнікі вечара прынялі ўдзел у разгадванні крыжаванкі «Ніл Гілевіч: жыццё і творчасць», якая падвяла вынік пасяджэнню.